Усё роўна мы пераможам!

Дажынкі-2007

23.09.2007,17:47

Вось яны й прайшлі. Тое, да чаго рыхтаваліся год, куды ўклалі грандыёзныя сродкі (каля 100 млн даляраў) і яшчэ большыя фізічныя намаганьні, праляцела ў імгненьне вока. Прапаную фотасправаздачу з другога (асноўнага) дня Дажынак. Здымкі зьвязаны адным ланцужком - часам, адлюстроўваючы падзеі ў храналягічным парадку.

Рэчыца, раён чыг. вакзала, палова на 9-ую. Двое невядомых стаяць пасярод сьвежага асфальтавага поля й азіраюцца ў роздумах аб дальнейшых шляхах. У ролі невядомых Sstriker ды я.

Пасьля 20-хіліннага блуканьня па ўскрайкавых вуліцах з цудоўным асфальтавым пакрыцьцём, аналягічнымі ходнікамі, новымі слупамі, акуратнай сайдынгавай агароджай прыватных падворкаў, новымі прыпынкамі й таблічкамі з раскладам, якім Гомель можа толькі пазайздросьціць, робіцца неяк ніякавата. Куды мы трапілі? У Рэчыцу. Калі яны пасьпелі зрабіць усё гэта? Калі такія ўскрайкі, дык што ў цэнтры? І самае страшэннае пытаньне: колькі грошай сюды ўбухнута? Сапраўды, складваецца ўражаньне, што йдзеш па грошах - не сказаць, каб вельмі прыемна, але ж неяк ... ня ведаю. Але вось яно:

Знацца, "верным пуцём ідзём, таварыш" :)

Перад намі праязджае вялікая колькасьць аўтобусаў. Недзе палова тых аўтобусаў везла міліцыю. На ўсіх эмблема сьвята. Потым мы будзем сустракаць яе на кожным кроку: на крамах, сьцягах, машынах, людзях, прадуктах харчаваньня... Але вось адна цікавасьць: заўжды на эмблеме Дажынак быў герб горада, які іх прымае. Але ў гэты раз арганізатары апынуліся перад такой складанасьцю - герб Рэчыцы не адпавядае духу сучаснай ідэалёгіі - на ім выява харугвы з Пагоняю. Ну Вы ўяляеце сабе Дажынкі, над якімі лунае Пагоня? Вынік знайшлі - зьмясьцілі ня герб горада, а герб вобласьці. Там хоць і ёсьць рэчыцкая Пагоня, аднак яна маленькая й у самым нізе.

Крочым далей і робімся часткаю натоўпа, які рухаецца па вуліцах у напрамку цэнтра. Аўтамабільны рух у гэты час ужо спынены - заехаць у Рэчыцу можна толькі на грамадзкім транспарце, у чыноўным картэжы альбо на прэзыдэнцкім гэлікоптары. Вуліцы ўяўляюць сабой намётавыя мястэчкі - сотні шатроў, тысячы сталоў, я прыгадаў наш пляц Леніна падчас розных сьвяткаваньняў - дык гэта проста кропля ў моры ў параўнаньні з пабачаным. Гандляры з усёй Беларусі: райспажыўкааперацыя з усіх раёнаў Гомельшчыны, вялікай колькасьці раёнаў краіны, амаль усе малочныя й мясакамбінаты, усе буйныя крамы (менскія ГУМ,ЦУМ, ГД на Нямізе, магілёўскі ўнівермаг і г.д.), але аб гэтым потым. Вось ужо й бачны помнік Эўфрасіньне Полацкай, з-за якога выглядае дах новага амфітэатру. Мы йдзем па Савецкай у бок Цэнтральнага пляцу. Вуліца адрамантавана капітальна, што й казаць: акрамя дрэваў нічога старога, усё новае, ну, канешне, будынкі тыя ж, але адрамантаваныя ўсе, прычым так, што нашая Савецкая нэрвова паліць. А вось будынак, прыгожы сам па сабе без усякіх рамонтаў - стары касьцёл:

Перад ім крыж, які прыемна зьдзівіў мяне сваёй тарашкевіцай:

 

У гэтым раёне працаваў горад майстроў - нешта кшталту маскоўскага Арбата, дзе можна набыць усякай трасцы й наглядзецца на чорт ведае што. У намёце ДАІ прадаваліся розныя сьвятлоадбівальныя рэчы, можна нават было набыць зялёную камізэльку ДПС за 30 000. Вось, на жаль, не прадавалі яны свае жазлы чорна-белыя - набыў бы тады разам з камізэлькаю. Для памяці набываем гліняны герб Рэчыцы:

Потым па нашай замове нехта ў сярэдневяковым адзеньні чаканіць нам па манеце:

 

Нарэшце мне пашчасьціла зьняць рэчыцкіх прыбіральшчыкаў, якіх можна было сустрэць праз кожных 3 мэтры. Справа прыбіральшчыкаў - хадзіць і вышукваць сьмецьце. Яны рабілі яе годна. Знайсьці хоць нейкую паперку ці недапалак на вуліцах было проста немагчыма. А калі амаль перад маімі нагамі прыбіральшчыца "ўзяла ў палон" палову сланечнікавай шкарлупінкі, мяне ахапіў шок.  Ім пашылі такую яркую вопратку, што нават зайздрасна:

А вось і Цэнтральны пляц. На ім безьліч чыноўнікаў і людзей у дзелавых строях з правадамі каля вуха. Бачылі шмат гомельскага чынавенства, некаторых міністраў. Вось, напрыклад, міністар па надзв. сітуацыях Барыеў ідзе глядзець на горад майстроў:

Да пачатку яшчэ гадзіна, але народ ужо пачынае займаць месцы ля агароджы. Прыйшлося й нам зрабіць гэтаксама. Праход да сядзеньняў праз мэталадэтэктары й толькі па запрашэньнях.Там будзе сядзець чынавенства, "ударнікі" ды запрошаныя - так званая эліта: мясцовыя начальнікі з роднымі, вэтэраны , БРСМаўцы. Толькі я абрадаваўся, што ніхто не перашкодзіць мне наздымаць таго, для каго ўвесь гармідар быў прыдуманы, як адзін з тых  "правадавухіх" (далей - цэглатварыя) заявіў мне, што пры прэзыдэнце здымаць нельга. Ну нельга, дык нельга, што я вораг сабе... прабачце, прэзыдэнту. Праз хвіліну да нас падыйшоў яшчэ адзін цэглатвары (далей - ЦГ) і сказаў, каб паказлі, што ў нас у заплечніках. Не пабачыўшы аўтаматаў і гранатаў, ён незадаволены пакінуў нас. Вунь гэты "забараняльшчык здымаць" у куточку, а за імі - галоўныя прызы, проста канцэпт-кары (зьвярніце ўвагу на інтэлегентныя выразы нашых ЦГ - проста надзея нацыі, думаю, калі б ім далі загад расстраляць усвесь натоўп, яны б гэта зрабілі ў тэхніцы "нулэмоцый") : 

Недзе ў 10,30 над пляцам праляцеў прэзыдэнцкі белы з чырвонымі й зялёнымі стужкамі гэлікоптар. Людзей усё большае, стаяць на тым санцапёке невыносна, сыйсьці - немагчыма (фізічна).  Большае й "эліты". Божа мой, што за выразы на тварах - двор ангельскай каралевы такіх ня бачыў - арлы з арліцамі, такая важнасьць у вачах, як быццам бы ад іх залежыць лёс краіны. На ўваходзе ім даюць таўшчэзны пачак розных каляровых буклетаў ды кніжак, ледзь ня ўсё Сьвятое Пісаньне.  Да кожнага падбягае лёкай адказны чалавек і праводзіць да месца. Ніводны не зірнуў у бок простых гледачоў. І тут я пабачыў сярод тых арлоў бабулю-вэтэранку, у якой было столькі ордэнаў з мэдалямі, колькі гадоў я яшчэ не пражый на гэтым сьвеце. Думаеце, ёй далі тыя кнігі, думаеце, яе праводзілі да месца, думаеце, яна сядзела ў першым радзе? Памыляецеся. Яна, бедная, ледзь ішла з палачкаю, шукаючы сваё месца. Шукала доўга, знайшла праз хвілін 10... А вось і героі сьвята - лепшыя працаўнікі сяла. Усе ў аднолькавых камінтэрнаўскіх строях, аднолькавых кашулях, аднолькавых гальштуках. Мне цяжка ўявіць тое шчасьлівае жыцьцё вёскі, калі нават самыя лепшыя яе працаўнікі ня могуць зарабіць сабе на адзеньне... Час ідзе, з кожнай хвілінаю расце напруга, хутчэй бегаюць адказныя з ЧГ, выраз чыноўных твараў таксама робіцца больш лагодна-занепакоенным, каб праз некалькі хвілін расплыцца ў лісьлівай дурацкай грымасе.

Але вось і ён, даражэнькі. Аб гэтым нам паведаміл агульнанацыянальны голас А. Аверкава. І пачалося... Па-першае, трэба ж устаць тым, хто сядзіць. Бачыў на свае вочы, як арганізатары ўзмахвалі ўверх рукамі перад "элітаю", каб тая ўстала. Але ж ўсталі стадыёнскаю хваляй. Божа мой, які енк учынілі бабулі з натоўпа: НЯБАЧНА!!! А горачка! Але пасьля гімну "эліта" села. Замест енку пачалося (чым заўгодна магу паклясца, спытайце ў Sstrikerа, але гэта гучала): "Волат! Асілак! Прыгажун! Ёсьць на каго палюбавацца! Гэта ж мара ўсяго майго жыцьця яго пабачыць..." Праз хвілін 5 сьціхлі, бо проста нельга было пачуць таго самага. Але ўвесь час то адна, то іншая выказвала сваё замілаваньне. "А, даражэнькі, змакрэў на сьпёке!" А вы што? Стаіце ужо 2 гадзіны, ледзь не паміраеце, пра вас жа ніхто не паклапаціўся, хоць бы звычайныя лавачкі паставіць, і што? Мы хацелі дачакацца, калі будуць падараваныя машыны, каб потым любым коштам прабіцца з гэтага натоўпу на волю. Прамова цягнецца 10 хвілін, 15, 20, 30, 40.. Са збожжа на кукурузу, з кукурузы - на траву. Як заўжды, міністры, навукоўцы, "сьвядомыя" раілі адно, але прэзыдэнт нікога ня слухаў - і вось мы маем тое, што маем. То бок афігенны дабрабыт. Каб ня зьехаць з глузды альбо быць задаўленымі, так і не дачакаўшыся заканчэньня прамовы, мы пачалі прабівацца назад. З боем, але прабіліся.

Ля прэзыдэнта здымаць нельга, а хто забараніў здымаць крыху далей?

Усе слухаюць ўважліва:

Мы пайшлі вывучаць, дзе й што:

А божачкі, што прадаюць, не, ну ты глядзі!!! Дайце дзьве!

 

Родны аўтапрам працуе на карысьць бясьпекі:

У кожным двары біятуалеты, на кожным слупе напісана, дзе іх шукаць, а вось гэты WC нейкі нестандартны:

Гандлявалі ўсе й усім: ад прадуктаў харчаваньня часоў Вітаўта Вялікага да гарызонтаўскіх DVD-прайгравальнікаў, Гомсельмаш прывёз дзіцячыя машынкі, рыдлёўкі ды іншае хаўбосьце. Паўсюдна даўжэзныя чэргі, людзі набывалі ўсё, за 5 хвілін мы 4 разы сустракалі людзей з новымі тэлевізарамі, а тых, што неслі ў пакетах абутак ці адзеньне было сотні. Растлумачыць гэта я не магу, бо цэны, здаецца, былі самыя звычайныя. Ну, можа, без гандлёвай надбаўкі, але чаго тыя 5 адсоткаў вартыя, каб вось так ашалёна купляць усё?

Нічога суколка, га?

Не зусім звычайны помнік, нейкі "зік хайль"...

No comments. Скажу толькі, што было іх вельмі шмат (сапраўды, у кожным двары), але ўсё роўна былі чэргі, хоць і не такія даўжэзныя:

Цікавы спосаб маскіраваньня сьмецьцявозаў:

Набярэжная:

Новыя амэрыканскія горкі:

Самі бачыце, што:

Сказаць, што міліцыі было шмат - не сказаць нічога, аднак паводзіны міліцыянтаў былі проста на вышыні, мы ня бачылі ніводнага непрыемнага моманта, зьвязанага з міліцыяй, больш за тое, іхныя ветлівасьць і зычлівасьць... ну дзе ж яна раней была?

Кожны мог адчуць сябе камбайнэрам, я паспытаў - начыньне кабіны левага нагадала мне чамусьці менскі ровар "Бусел" - так усё ненадзейна й танна выглядае:

На Цэнтральным пляцы:

Сьмешны дзядзька на Савецкай:

Усе шматпавярхоўкі пафарбаваныя, ну ня ўсе цалкам - тыя, што ля месцаў сьвяткаваньня, цалкам, астатнія - колькі пасьпелі: на траціну, на палову, толькі пачалі і г.д. Але не было ніводнага дома, над якім не пачаліся працы. Ўвогуле ўявіць цяжка, як яны гэта пасьпелі? Уявіце, напрыклад, што за некалькі месяцаў перафарбавалі ўсю Валатаву, заасфальтавлі усе двары... Аднак недаробленага шмат.

А я што казаў?

Сьвята піва. Піва "Рэчыцкае". Якое піва, такое й сьвята:

А вось гэта небясьпечна - на самой Савецкай, можна было і па шыі атрымаць, калі б раптам Нехта ўбачыў:

Кагосьці ён мне нагадвае :)

Let's dance:

А вось і новы амфітэатар, МТСаўскі канцэрт айчыннай папсы. Месцы для сядзеньня занятыя, стаяць можна, але далёка, чаму б ня сесьці на схіл? Па ім кожныя 3 хвіліны нехта ходзіць тудэма-сюдэма, ну селі, пасядзелі хвілін 30, за намі пачалі садзіцца іншыя, раптам зьлева зьявіўся міліцыянт: "Ці ўтульна тут сядзець?" Адказваем станоўча. Думаем, зараз гарбату ці каву прапануе. Не. "Я сумняваюся, калі ласка, глядзіце канцэрт унізе, ля сцэны - там лепей бачна". Ды калі ласка, калі так ветліва :) Але працягваць глядзець гэтае нудоцьце няма сіл.

Цямнее:

Яшчэ адна пляцоўка:

Не Лас-Вэгас, але лепей за Рыо-дэ-Жытомір:

Галоўны канцэрт на галоўнай пляцоўцы:

Усё скончылася цудоўным фэервэркам на 20 хвілін:

 

Вось і скончылася сьвята. Трэба адзначыць такую адметнасьць - амаль няма п'янага быдла, чым так можа пахваліцца Гомель са сваімі сьвятамі. Ну і чысьціня - ідзеш па брукоўцы, а не па бітых бутэльках. Канешне, п'яныя былі, але амаль усе яны праз гадзіну былі на вакзале й чакалі цягнік на Гомель. Без білетаў. Дзякуй Богу, праваднікам хапіла розуму не пусьціць асабліва п'яных і буйных, а разгуляцца на вакзале ім ня дасьць вялікая колькасьць міліцыі ды АМАПу. 

Што скажаце?
Камэнтары:

Без названия
и не заипалося те ето стока набиратьзаливаь картинкину и тп
Аўтар Qman у 21:03, 23.09.2007 | Ссылка | |
Без названия
А салют хороший был?
Аўтар Jeka у 21:11, 23.09.2007 | Ссылка | |
Без названия
Автору респект, очень интересно было!
Аўтар Anonymous у 21:11, 23.09.2007 | Ссылка | |
Без названия
Ведаеш, энэргія лені самая невычэрпная, пра мяне можна сказаць крыху інакш... Калі хочаш штосьці сказаць, дык скажы зараз або маўчы вечна. Тут працы на 20 хвілін, калі друкаваць умееш :)

Салют быў добры :)

Редактировал alehna в 23.09.2007 21:15
Аўтар Алехна у 21:13, 23.09.2007 | Ссылка | |
Без названия
Осилил, понравилось :)
Биоэлектротуалет улыбнул =)
Аўтар lern у 21:19, 23.09.2007 | Ссылка | |
Без названия
Малайчына, я прама-такі яшчэ раз перажыў нашу прыгоду :)
Аўтар Sstriker у 21:20, 23.09.2007 | Ссылка | |
Без названия
И это...залезь в аську как-нить ;)
Аўтар lern у 21:20, 23.09.2007 | Ссылка | |
Без названия
не узнаю речицу...
Аўтар casual у 22:40, 23.09.2007 | Ссылка | |
Без названия
Классный репортажик! Спасибо! :)
Аўтар Lazy coma у 23:01, 23.09.2007 | Ссылка | |
...
Спасибо за отчет - безумно интересно!
Аўтар OmeLa у 00:53, 24.09.2007 | Ссылка | |
Без названия
Прапанавалi мне паехаць на гэтыя дажынкi... не паехау. Не падабаюцца мне падобныя масавыя "мерапрыемствы", вось нават не ведаю, чаму менавiта. I на дзень горада вось таксама не хадзiу - дарэчы, у той час я у Менску быу - i вось што тады, што зараз замест свята у мяне былi працоуныя днi. Як бы такiм чынам "трудаголiкам" не стаць. Гэта ж усё з-за нiх, паперак з выявамi заакiянскiх кiраунiкоу....
Аўтар Hort у 01:16, 24.09.2007 | Ссылка | |
Без названия
Не обязательно писать по белорусски, даже если в контре. А организации государственного праздника можно и поучиться местным властям.
Аўтар Anonymous у 23:08, 24.09.2007 | Ссылка | |